Выстава «Вобразы мінулых пакаленняў»

Паважаныя наведвальнікі! Мы нагадваем,што ў музеі народнай культуры Мазыршчыны "Палеская веда" працуе выстава "Вобразы мінулых пакаленняў", прысвечаная Году гістарычнай памяці.
З усіх дасягненняў народнага генія і тварэнняў працавітых чалавечых рук дзіўнай з’явай застаецца нацыянальны беларускі касцюм. Тканыя і вышытыя кашулі, кожная з каторых непаўторная з-за бясконцага мноства ўзораў і тэхнік ўпрыгожвання, фартухі і спадніцы нясуць у сабе магнетычную прыцягальнасць прыгажосці. Пры пільным вывучэнні традыцыйнага адзення адкрываецца такая глыбіня і сіла, што фізічна адчуваеш гэтую энергетыку. Кальісьці зробленыя утылітарныя рэчы сталі гістарычнай памяццю і творам высокага мастацтва, яны злучаюць недасяжнае мінулае з сеняшнім днем, пераўтвараюць час і прастору ў адзінае духоўнае вымярэнне, успамін пра продкаў напаўняюць адчуваннем блізкасці.

Вывучэнне народнага касцюма дае ў рукі тую чароўную нітку, якая вядзе нас шляхам уваскрасення памяці. Ідучы гэтым шляхам, даведаемся, як жылі і працавалі нашы продкі, як здабывалі і назапашвалі вопыт, як прыбіраліся ў будні і святы, якія адметныя рысы былі ў вопратцы розных месцаў.
Традыцыйны касцюм Усходняга Палесся вылучаецца багаццем сваіх пластычных формаў, разнастайнасцю дэталяў і дэкору. Тут народным талентам быў створаны выразны мастацкі комплекс адзення – калінкавіцкі строй, які па сваёй прыгажосці і дэкаратыўнасці можа быць аднесены да лепшых праяваў народнага мастацтва. Да сярэдзіны ХХ ст. народны касцюм як святочнае адзенне існаваў у заходняй частцы рэгіёну. Турава-мазырскі строй гэтага перыяду, захаваўшы свае складовыя часткі: кашулю, спадніцу, безрукаўку, дзякуючы выкарыстанню асаблівасцей крою, рознакаляровых пакупных тканін, стужак, каляровай паліхромнай вышыўкі набыў іншае, чым у традыцыйным касцюме, дэкаратыўнае гучанне.

У музеі народнай культуры мазыршчыны “Палеская веда” адкрылася выстава традыцыйнага касцюма Усходняга Палесся “Вобразы мінулых пакаленняў”. На выстаўке экспануюцца камплекты традыцыйнага адзення Столінскага, Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага, Мазырскага, Калінкавіцкага раёнаў. Датыроўка прадметаў даволі шырокая: канец ХІХ – другая палова ХХ стагоддзя. У розны час яны былі сабраны практычна па ўсім Усходнім Палессі. Многія прадметы патрапілі ў музей дзякуючы творчаму пошуку мастака-кераміста М.М. Пушкара ў 70-80 гг. ХХ ст., частка была знойдзена супрацоўнікамі музея падчас экспедыцый па Палессю.

Як важная частка нацыянальнай культуры традыцыйны касцюм захоўвае калектыўную памяць і вопыт народа, адлюстроўвае яго нацыянальныя, рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці, рысы агульнаэтнічнай і лакальнай прыналежнасці.

Наш адрас: вул. Камсамольская,15
Дадатковая інфармацыя па тэл. 25 83 62

480