"На Мазырскім узвышшы"


     30 кастрычніка ў выставачнай зале, што па вуліцы Савецкая, адбылося адкрыццё мастацкай выставы “На Мазырскім узвышшы”. Творчая суполка мастакоў з Мінска і Узды “Абуджэнне” прадставіла мазыранам своё бачанне Беларусі, а менавіта яе прыроды, гістарычных паздей і дзівосных краявідаў. Варта сказаць, што ўяўляюць сабой “абуджэнцы”. Некалькі гадоў таму чатыры мастакі – Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Уладзімір Сайко і Яўген Шунейка – аб‘ядналіся і цяпер разам вандруюць па Беларусі, малююць і выстаўляюцца на шматлікіх экспазіцыйных пляцоўках,як нашай краіны, так і па за яе межамі.

    Акрамя палоцен заяўленых мастакоў у экспазіцыі прадстаўлена шэраг прац маладых творцаў, навучэнцаў мастацкай майстэрні Уладзіміра Сайко. Варта адзначыць, што гэта самы малады ўдзельнік суполкі (мастаку 24 гады), але гэта не перашкаджае яму вучыць жывапісу ўсіх, хто прыходзіць да яго ў майстэрню “Жывапісны настрой”.

     У экспазіцыі прадстаўлена творчасць сябра саюза мастакоў Беларусі, прафесара Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў – Яўгена Шунейка. У палотнах Яўгена Феліксавіча пераважае блакітны колер, пераважна аўтар піша гістарычных асоб, такіх як Леанарда да Вінчы, Дыега Веласкес. У дар музею Яўген Феліксавіч перадаў рэтра-альбом “Мазыр – 1974”, які ўяўляе сабой зборнік эцюдаў, якія былі напісаны аўтарам, калі ён быў яшчэ студэнтам.

     Другая зала прысвечана творчасці Андрэя Лычкоўскага – жывапісца, які галоўным чынам працуе алеем. “Бярозавы прысад”, “Берагі Нёмана”, “На сваім двары дзяцінства” – усе гэтыя палотны перадаюць настрой і цеплыню душы аўтара да тых мясцін, дзе ён рос, падарожнічаў, натхняўся. Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены працы вучаніц Андрэя Міхайлавіча Вольгі Гацко і Лізы Прышчэпа.

     У трэцяй зале размешчаны графічныя работы Фёдара Ладуцькі – сябра саюза мастакоў Беларусі, аўтара канцэптуальных распрацовак у розных музеях Беларусі, выкананыя ў тэхніцы пастэлі. Таксама Фёдар Сяргеевіч працуе алеем. Такім чынам можна супаставіць розныя тэхнікі працы аўтара, параўнаць і , менавіта, зрабіць вынік, што манера пабудовы экспазіцыі і дынамічнасць стварае непаўторнасць і прывабнасць усёй яго творчасці.

     За свой нядоўгі візіт на Мазырскую зямлю мастакі пакінулі музею ўспамін аб сваім падарожжы. Раніцай, у дзень вернісажа, яны выйшлі на плэнэр і напісалі жывапісныя мясціны нашага ўтульнага, прыгожага і цудоўнага горада, якія потым перадалі ў фонд музея. Падчас адкрыцця выставы адбыўся майстар-клас удзельнікаў выставы. Наведвальнікаў малявалі з натуры.

     Запрашаем наведаць нашу выставу з 10 да 18 гадзін. Яна працуе штодзень, акрамя панядзелка і аўторка, па адрасу вул. Савецкая, 132 (выставачная зала). Тэлефон для даведак 32-45-40.



Алена Занкевіч

малодшы навуковы супрацоўнік

аб’яднанага краязнаўчага музея

195